Кожны хаця б раз у жыцці праз гэта праходзіў: новы калектыў, не да канца зразумелыя заданні, страх зрабіць нешта не так. Старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Гродзенскага РУП «Фармацыя» Жытко Марыя Аляксандраўна вырашыла распытаць маладых спецыялістаў Гродзенскага РУП «Фармацыя», якія прыйшлі сёлета ў аптэкі прадпрыемства, як прайшоў іх першы працоўны дзень, падзяліцца ўражаннямі.
Пачабут Вераніка Сяргееўна. Малады спецыяліст родам з г.п.Поразава Свіслацкага раёна, скончыла Віцебскі дзяржаўны ордэны Дружбы Народаў медыцынскі ўніверсітэт у 2023 годзе з чырвоным дыпломам, брала ўдзел у рэспубліканскім свяце для выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. А пасля сканчэння навучальнай установы размеркавалася ў цэнтральную раённую аптэку №11 Свіслацкага раёна.
- Працоўным месцам вельмі задаволена, - пазітыўным голасам Вераніка адказвае на пытанні старшыні прафкама,- асабліва хочацца адзначыць уважлiвыя і таварыскiя адносiны калегаў, якія ніколі не адмаўляюць у любай помачы ці падтрымцы.
На пытанне, як успрымаюць наведнікі новага і маладога супрацоўніка аптэкі, Вераніка ўсміхаецца:
- Калі сумленна, трохі з асцярогай. Але гэта і зразумела, калектыў фармацэўтычных спецыялістаў аптэкі вопытны, кваліфікаваны, які заваяваў давер з боку пацыентаў. Але, з іншага боку, гэта вельмі матывуе адпавядаць высокаму роўню прафесіяналізму і расці ўгару.
- Самае складанае, напэўна, гэта вывучыць і запомніць асартымент з больш чым 3000 назваў. Хоць я і практыку праходзіла на базе гэтай аптэкі, усё роўна, ёсць чаму павучыцца, каментуе Вераніка, - тым больш, што праца мне вельмі цікавая, - яшчэ з універсітэта вывучэнне лекавых прэпаратаў і іх уласцівасцяў прыцягвала і падабалася, асабліва каштоўнае тое, што сваімі ведамі ты можаш дапамагчы людзям.