9 сакавіка прайшоў абласны этап III Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу «НОВЫЯ ІМЁНЫ БЕЛАРУСІ». Сустрэліся 16 калектываў аховы здароўя Гарадзеншчыны і супернічалі на сцэнічных падмостках, дэманструючы свае таленты. Кожны калектыў установы аховы здароўя прадставіў канцэртную праграму працягласцю да 30 хвілін (па ўмовах конкурсу) і прадэманстраваў таленты ў чатырох жанрах: вакал, харэаграфія, інструментальны і арыгінальны жанры.
Аксана Карней (загадчыца аптэкі № 203 г. Гродна), выконваючы ролю вядучай, адкрыла дзейства маналогам пад гукі домры ў выкананні Анастасіі Парфенчык (аптэка № 3 г. Гродна). Прадэманстравала Аксана і вакальныя дадзеныя, выканаўшы песню «Шукаю цябе».
На працягу канцэрта малады спецыяліст Аксана Карней знаходзілася на сцэне, рыхтавала эліксір шчасця, дадавала патрэбныя інгрэдыенты - каханне, радасць, энергію, запал, пачуццёвасць, пяшчота, сум (ледзь-ледзь).
Песня з кінафільма «Адліга» ў выкананні Святланы Саўчык (правізар аптэчнага склада) распаліла сэрца прысутных, а агністы танец у выкананні Марыны Чырковай (эканаміст аптэчнага склада) і Віталя Місюк (грузчык аптэчнага склада) дадалі прыгажосці і любові песні, скарыўшы гледачоў грацыяй і пластыкай .
Правізар Таццяна Саук працуе ў ЦРА № 6 Шчучынскага раёна, але адлегласць не перашкодзіла прыехаць у Горадню і прыняць удзел у конкурсе: Таццяна пяшчотна выканала песню «Мая Радзіма».
Танцавальны батл на суд гледачоў прапанавалі эканаміст аптэчнага склада Марына Чыркова і хімік кантрольна-аналітычнай лабараторыі Наталля Мажэйка.
Жангляваў булавамі, кольцамі, шарамі, выконваў акрабатычныя піруэты Аляксей Разін (грузчык аптэчнага склада). У гэтым жанры Аляксею не было канкурэнтаў, і ён заняў першае месца ў намінацыі "арыгінальны жанр".
Лаўрэат двух папярэдніх конкурсаў Новыя імёны Беларусі 2015, 2016, Дзмітрый Пабярэжная (правізар-рэцэптар аптэкі № 153 г. Гродна) закрываў канцэртную праграму песняй пра Беларусь.
Вынік - 2-ое месца! Віншуем удзельнікаў конкурсу і дзякуем прадпрыемства за дапамогу, падтрымку, стварэнне ўмоў для падрыхтоўкі.
Конкурс раскрыў не толькі таленты нашых калегаў, але і ў чарговы раз прадэманстраваў карпаратыўны дух супрацоўнікаў прадпрыемства, пераемнасць пакаленняў - «чым далей у будучыню глядзім, тым больш мінулым шануем»!