І хто сказаў, што зіма – шэры, пахмурны і нудны час? Калі чулі - не верце, а для тых, хто яшчэ сумняецца, у нядзельны дзень 10 лютага, Гродзенскае РУП «Фармацыя» пераканаўча прадэманстравала, што халодная пара года – ніяк не нагода журыцца! Яркае свята з каларытнай назвай «Зімнік па аптэчным рэцэпце» сабрала супрацоўнікаў прадпрыемства з сем'ямі ў Пышках.
Месцам адкрыцця «Зімніка» стала крытая коўзанка, дзе на лёд выйшлі ўдзельнікі ўсіх вякоў «ад малая да веліка».
Прагучалі вітальныя словы генеральнага дырэктара Сяргея Літаша, намесніка генеральнага дырэктара Таццяны Зарэцкай, старшыні першай прафсаюзнай арганізацыі Ніны Серай. Выступоўцы адзначылі важнасць актыўнага адпачынку і здаровага ладу жыцця для прадукцыйнай прафесійнай чыннасці. Дзякуючы супольным высілкам атрымалася арганізаваць такая маштабная імпрэза, а гэта без малога 330 чалавек.
Падчас катання аб'ектыў фотаапарата раз-пораз лавіў шчырыя ўсмешкі канькабежцаў і фігурыстаў. Прыемнай неспадзеўкай для прысутных, асабліва для дзяцей, стала з'яўленне вялікага белага мядзведзя, і пазітыўныя вясёлыя сэлфі- фатаграфіі былі забяспечаны.
Пасля катання маленькія ўдзельнікі змаглі ненадоўга адчуць сябе рыцарамі і прынцэсамі, праехаўшыся на беласнежнай красуні-кані. Грэцца ў «Зімнік» прысутным дапамагалі гарачы чай, глінтвейн (безалкагольны) і найсмачныя піражкі з блінцамі.
Свята працягнулі запальныя спартовыя гульні і спаборніцтвы. Выпрабаваць свае сілы ў экстрэмальных відах спорта - «велалыжах» і драйв-катанні на санях, атрымалася амаль усім сабраным.
А на пляцоўцы тым часам разгортваўся неабыякі двубой сярод камандаў у зімова-хакейнай эстафеце. Спаборніцтвы на трапнасць траплення велізарным шарам у баскетбольнае кола і па кіданні кольцаў дазволілі выявіць дагэтуль невядомых майстроў дакладнасці і трапнасці.
Прысутныя на «Зімніку» ацанілі свае веды, а таксама даведаліся некаторыя цікавыя факты падчас займальнай інтэлектуальнай віктарыны, дзе за кожны слушны адказ можна было атрымаць прызы з сімволікай «зімніка».
Танцавальны батл паміж жаночай і мужчынскай камандай напоўніў пазітывам і яркімі эмоцыямі сонечны лютаўскі дзень, не пакінуўшы абыякавым нікога з удзельнікаў. Мужчыны здзівілі неверагодным пачуццём рытму, дынамічнасцю і выбуховай энергетыкай, а кабеты, дзяўчыны і дзяўчынкі ў адказ – сваёй зграбнасцю, вытанчанасцю, пластычнасцю.
Пад гучныя апладысменты прайшла цырымонія ўзнагароджання лепшых спартоўцаў зімовых спаборніцтваў. Фінішавала свята энергічным флэшмобам, звонкім смехам і асляпляльнымі ўсмешкамі. Зарада бадзёрасці, выдатнага сонечнага настрою і пазітыва ўдзельнікам хопіць яшчэ надоўга. Так што не сумнявайцеся, зіма – зусім не нагода журыцца!
Марыя Жытко,
правізар-інфарматар
інфармацыйна-даведкавага аддзела